Home

Advertisement

Customize

Feb. 3rd, 2008

БНР

Сяргей ПАЛУЯН: « Добрая раніца настане ... »


           3 студзеня 2008 года споўнілася 118 год з Дня нараджэньня знакамітага публіцыста Беларусі Сяргея Епіфанавіча Палуяна. Лёс гэтага чалавека вельмі трагічны і такі кароткі. Сяргей Палуян пражыў усяго 20 год, але яго вершы, роздумы сталі прароцкімі.

Кажуць, калі зьнікае вера, то сэрца ня здоляе перашкодзіць моцнай душэўнай болі, а што бывае, калі чэзьне надзея? Чэзьне надзея? Як можа памарнець надзея? Надзея – гэта вечны агеньчык у сэрцы кожнага чалавека, які вядзе, цягне чалавека ў цяжкую хвіліну на перад і  дае веру, што ў будучым ўсё будзе добра. Шмат каму яна выратавала лёс, паставіла на новы шлях жыцьця. Многія сьцвярджаюць, што надзея, як нейкая крынічанька халоднай абуджальнай вады, якая цячэ ў душы кожнага чалавека. Надзея як сэрца, бо жыць безь яго нельга, як і нельга жыць безь яе, такой неабходнай, як сонечны промень у ліпеньскую раніцу, як цёплы веснавы дождж. З надзеяй жыць – надзейна, а з праўдай, свабодай, каханьнем і гонарам за Радзіму - яшчэ надзейней. Выходзіць, чалавек без надзеі, як бяз сэрца і таму надзея ёсьць заўжды, толькі патрэбна прыслухоўвацца да сэрца.

Надзея была і ў Сяргея Палуяна ад першага дня нараджэньня.

Брагін, 3 студзеня 1890 года. На сьвет зьявіўся сын зямлі Беларускай - Сяргей Палуян. Жыцьцё, як імгненьне, шчасьце як хвіліна, гора як стагодзьдзе і неразуменьне сярод грамадзтва, і самае галоўнае сярод бацькоў.

Цікавасьць да кнігаў на роднай мове, забароненых уладаю, прага да вывучэньня краязнаўства і культуры роднай старонкі, першыя вершы на роднай мове – гэта апошнія перадпасылы шчасьця ў жыцьці хлопца. Цяжка ўявіць такое шчасьце, але разумеў гэта беларускі хлопчык ... разумеў. Так званы  “шкляны” шляхціц,  яго бацька ламаў язык размаўляючы і адносячы сябе  да пануючай на той час "рускай нацыі". Ён выступіў жорсткім крытыкам захапленьням свайго роднага сына. Сшыткі зь вершамі і кнігі ў пекле печкі, ахрыплы крык бацькі вымусіў хлопца адказаць яму, які ён выбраў жыцьцёвы шлях.

У 15 гадоў Сяргей быў самаадукаваны, прачытаў на той час усе знакамітыя апавяданьні забароненых пісьменьнікаў. Лёс хлопца не жартаваў зь ім. Аднойчы бацька напісаў заяву і адмовіўся ад свайго сына - Сяргея Палуяна. Удар быў моцны, але хлопец быў здольны прыняць яго, бо ведаў, што ў хуткім часе гэта павінна было адбыцца.

Лёгкі дождж, цёплы вецер, які нібы шаптаў хлопцу : “Ты правільна робіш, правільна”. Але боль напаўняў сэрца, калі ён бачыў у вакне маладую, але пасівеўшую маці, якая сваімі блакітнымі, бліскучымі вачыма разьвітвалася з сынам. Бацька зачыніў яе ў хаце. Бацька выгнаў яго з хаты! Сяргей сабраў свае рэчы і трымаў шлях на Менск.

Новы, здавалася сьветлы шлях адчыняўся перад ужо таленавітым "нашаніўскім" публіцыстам, якому было ўсяго 17 год.

Ужо ў 18 год (1908г.) яго назвалі празаікам, літаратуразнаўцам, публіцыстам, крытыкам. Раны, на жаль, не загойваліся, наадварот, яны палымнелі полымем  хваляваньняў за народ і родную сям'ю, якую ня бачыў год. Творы Сяргея Палуяна зьмяшчаюць столькі болю, гора і адначасова гонару, шчасьця... Якое яно, шчасьце, пра якое шчасьце мог пісаць чалавек з такім лёсам, які так трагічна пачаўся?! Не! Яно было ў жыцьці Сяргея Палуяна ... Было тое шчасьце.

Апошнія два гады зь ім побач была верная яму каханая Натальля, якая нарадзіла яму сына. Яна грэла Сяргея Палуяна сваёю цеплынёю, стварала нейкую казку, каб хоць неяк  падсаладзіць гэтае жыцьцё.

У 1908 годзе Сяргей Палуян увайшоў у кіруючы орган БСГ, стаў вядомым журналістам “Нашай Нівы”.

Апошні месяц у яго жыцьці прайшоў у Кіеве. Супрацоўнічаў з украінскімі газэтамі, але больш друкаваліся яго творы ў “Нашай Ніве”, якія ён перадаваў праз свайго кур’ера.

Кастрычнік 1910 года, Кіеў, на 20 годзе жыцьця Сяргей Палуян скончыў жыцьцё самагубствам. Гэта, канешне, афіцыйная вэрсія...

P.S. Пасьля ягонай сьмерці Янка Купала прысьвеціць яму жэмчужыну сваёй паэзіі – паэму “Курган” і верш, Максім Багдановіч – свой першы і апошні прыжыцьцёвы зборнік твораў “ Вянок” і некалькі вершаў. Справа ў тым, што Янка Купала і Максім Багдановіч – гэта тыя людзі, якія былі побач з Сяргеям Палуянам у яго жыцьцёвым горы ...

 

                             Зьміцер КІСЕЛЬ

 
БНР

DOБРА, БО ПА-БЕЛАРУСKУ

 Крама «Усё жыцьцё – дзіўны сон»

 2007, Go-records

“Будзь разам з намі”, “Стэфка”, “Гэй там, налівай!”, “Падае дождж” … Песьні “Крамы”, як той казаў, быццам добрае віно, якое праз пэўны час вытрымкі робіцца ўсё смачней і насычаней, набірае сакавітасьці. Гэтак і новы альбом “генералаў айчыннага року” ў хуткасьці стане клясычным прыкладам найлепшага блюз-року беларускага гатунку. 

Празь бег часу зьмяняецца і філязофія былых ідэяў і поглядаў, іхнае светаўспрыманьне, бярэ сваё разважлівасьць гадоў (“Усё жыцьцё – дзіўны сон”). Але сёньняшняй “Краме” не бракуе і звычайнай гарэзьлівасьці мінулага (“Хто ведаў, Стэфка, што я так гарэлку палюблю”, “Піва! Рушым на піва!”, “Ты пакінеш залу, і я парву квіток”). Усім мажлівым варянтам працягу “Крама” сьцвярджае: “… ня трэба толькі ўспамінаў, замнога лішніх слоў, стары сабака загінуў – назад няма шляхоў …”

Датычна складу цяперашняй
rock-band трэ’ адзначыць удзел у запісу кружэлкі рок-князёўны, лідэркі гурта Indigo Русі (песьня “Неба”, на якую зараз здымаецца кліп) + вядомага расейскага блюзмэна Мікалая Аруцюнава (“Лига блюза”, “Четверг Аруцюнова”, “Funky-soul”), які выканаў па-беларуску (!!!) гіт “Крамы” – “Бяжы, хлопец!”

25 верасьня менскі клюб “Фартуна” зьмясьціў толькі малую частку прыхільнікаў нязгаснае (нястомнае) творчасьці “Крамы” – адбылася прэзэнтацыя восьмага альбому “Усё жыцьцё – дзіўны сон”. Падзякі “дыназаўрам белроку” завочна (празь лісты) выказалі Ярмоленка і Дарафеева. Афанасьева ўручыла кветкі. Ігар Варашкевіч (аўтар словаў, вакал, губны гармонік, акустычная гітара, бубен “Крамы”) сьцвярджаў: “Мы перамаглі!” 

NamaR

 

Tags:
БНР

Слухайце беларускую музыку ў этэры FM-радыёстанцыяў!

Кожны тыдзень на «Аўтарадыё»(105.1 FM ) слухаем праграму «КаляРока»( вядучая Маша Яр ) ў аўторак – 14.20, сераду – 08.20, чацьвер – 21.20, пятніцу – 10.20, суботу – 03.20 ды ў нядзелю ў 17.20.

Шточацьвер у вечаровым этэры радыё «Unistar» ( 99.5 FM ), а дзевятай гадзіне, далучаемся да праслухоўваньня паграмы Віктара Сямашкі «Новая зямля».

Таксама слухайце на хвалях 105,1 перадачу Зьмітра Вайцюшкевiча «Простыя словы». Этэрны час: пятнiца - 14.00, субота - 19.00, нядзеля - 12.00.
           Увага! Новая перадача пра беларускі андэграўнд «Антыпоп» на хвалях «Новага радыё» штоаўторак а 23-ай.

Tags:
БНР

Паэтычны дэбют

***

 

Прачніся, родны мой народзе,

Змахні з вачэй густы туман!

Мо хопіць жыць штодзень ў трывозе?

Мо хопіць ужо цярпець падман?

 

Няўжо няма ў нас той сілы,

Каб родны край абараніць,

Каб даць свабоду мове мілай,

Каб так, як людзі, нам зажыць?

 

Як бараноў пакорных статак,

Мы робім усё, што кажуць нам.

Зьнішчай, народ, такі парадак!

Расчысьці шлях другім часам!

 

Здымі зь сябе таўро ізгоя,

Жалеза цяжкіх ланцугоў.

Тваё багацьце – гэта мроя,

Свабода – міт уладароў!

 

Ты ўсё, як той Мужык Купалы,

Працуеш: сееш ды арэш.

Народзе, што з табою стала?

Чаму ж ты волю аддаеш?

 

Каму? За што? Маскаль пракляты

Златыя горы абяцаў?

Дык гэты ж вораг наш трыкляты!

Дык ён жа нас ў палон узяў!

 

Дык ён жа, ўспомні, ён – сабака –

Рэч Паспалітую дзяліў!

Схапіў сялян тых, небаракаў,

Ды тут такога нарабіў,

 

Што мовы роднае, сьвятое

Цурацца стала Беларусь!

Што ўсё сваё стала чужое!

За што ж жыцьцё аддаў Кастусь?

 

Герой загінуў, каб сягоньня

Мы сталі зноў “куском” Масквы?

Каб зноў бяднелі, мерлі штодня? –

Ці хочаце такога вы?

 

Ой, не! Няхай да нас вярнуцца

Часы Літоўскае сям’і,

Каб мы змаглі ад сну прачнуцца,

Каб зноў з кален усталі мы,

 

Каб у вясновым небе сонным

Дрыжаў чырвона-белы сьцяг,

Каб стаў сьвяшчэнным гром Пагоні –

Народзе, усё ў тваіх руках!

 

 

Уставай хутчэй! Здымай кайданы!

Адно табе сказаць імкнусь:

Ня вер тым здраднікам паганым!

Ратуй ад сьмерці Беларусь!

 

 

Лявон Валошка з-пад Чарэі

 

------------------------------------

 

Чакаем Вашых твораў на адрас

naszakultura@gmail.com.

 
Tags:

Feb. 2nd, 2008

БНР

DOБРА, БО ПА-БЕЛАРУСKУ

Крамбамбуля «Dolce Vita»
2007, www.krambambulya.com


Рок-каралі-2003 працягваюць добрую, запачаткаваную летась традыцыю – дарыць сваім слухачам-прыхільнікам да зімовых сьвятаў неспадзяванкі. У мінулым годзе гэта былі дзьве сьвежыя калядна-навагоднія кампазыцыі з альбому «Сьвяточная», а гэтым разам – інтэрнэт-сынгл (самотнік) «Dolce Vita».

Клюбную, рок-, поп- ды рэп-вэрсію загалоўнага трэку рэлізу абсалютна вольна і бясплатна можна запампаваць з афіцыйнай старонкі Крамбамбулі ў сеціве. На айчынных жа FM-радыёстанцыях атрымала найбольш актыўную ратацыю pop-варыяцыя песьні «Dolce Vita» (зь італ. ‘салодкае жыцьцё’).

Нешта вельмі падобнае на «Паветраны шар» у выкананьні «Нестандартнага варыянту» з трыб’юту «Viza NRM» атрымалася з супрацы Лявона Вольскага ды рэпэраў «Гарадзкая туга», якія разам запісалі менавіта рэп-вэрсію трэку з дадзенага сынглу.

Стылістычна стракаты, кананічнага складу «самотнік» Крамбамбулі пакідае ўражаньне якасна ды смачна зробленага музычнага прадукту, які ў адрозьненьні ад бязьмежнай колькасьці расейскамоўных «папсовых» трэкаў на беларускай сцэне проста мусіць стацца гітом ці хаця б проста ўлюбёнцам слухачоў з такімі жа разнастайнымі густамі ў музыцы.

NamaR

Tags:

Jan. 8th, 2008

БНР

«Музычная партызанка» - прэм'ера ў сядзібе БНФ

Увечары 27 сьнежня ў сядзібе БНФ адбыўся прэм’ерны паказ новага фільму польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага “Музычная партызанка”. Дакумэнтальная стужка распавядае пра ўмовы творчасьці сучасных незалежных беларускіх рок-музыкаў, якія працуюць як сапраўдныя партызаны пад пастаяннай пагрозай забароны канцэртаў ды імпрэзаў.

Сюжэт фільму заснаваны на відэаматэрыяле аб канцэртным турнэ гурта Тарпач па Беларусі ўвесну 2006 году. Праз прагляд твору сп. Дэмбіньскага можна даведацца пра штодзённае жыцьцё апальных рок-гуртоў, у прыватнасьці пераможцаў Басовішча-2004.
  


Рэжысэр спрабуе паказаць гэтым разам дурны і сьмешны твар рэжыму Лукашэнкі ў параўнаньні з ягоным першым фільмам пра беларускую моладзь -  “Урок беларускай мовы”, які мае на мэце прадэманстраваньне жорсткасьці і бесчалавечнасьці існай беларускай улады. Дзеля гэтага былі зробленыя адмысловыя іранічна-гумарыстычныя інтэрвію з лідэрамі NRM Лявонам Вольскім і Пітам Паўлавым, якія ўвесь час сцьвярджаюць пра “цудоўнае жыцьцё пры Лукашэнку”. “Хутка ў Менску зьявіцца сваё Чорнае мора ды электрычнае сонца,” – між іншым, заўважаюць музыкі.

Цікавасьць да беларускай тэматыкі сп. Дэмбіньскі, якому забаронены ўезд на тэрыторыю нашай краіны, тлумачыць у інтэрвію для “Эўрарадыё” наступным чынам: “Я асабіста параўноўваю сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі з тым, што было ў Польшчы 25 год таму ў часы камунізму, і бачу шмат аналёгій паміж гэтымі сьветамі. І для мяне гэта свайго кшталту вяртаньне да маладосьці, бо мне было тады столькі ж год, колькі сёньня маім героям. Як я калісьці па-рознаму спрабаваў змагацца з той сыстэмай, так сёньня спрабую апісаць іх барацьбу. Таму для мяне гэта вельмі цікава”. 

Адмыслова для фільму NRM запісаў новую вэрсію свайго гіту “Тры чарапахі”, які увайшоў у першую беларускую складанку саўндтрэкаў.

Нарыканцы прэм’еры галоўныя героі кінастужкі – Піт Паўлаў і Сьвятлана Сугака – адказалі на пытаньні цікаўных гледачоў ды падаравалі эксклюзіўныя кружэлкі з “Музычнаю партызанкаю”.

“Фільм мне асабіста спадабаўся. Міраслаў Дэмьбіньскі – проста геніяльны творца. Шмат хто спрабаваў здымаць дакумэнтальнае кіно пра Беларусь, але толькі ў яго атрымліваецца гэта рабіць настолькі цікава і зьмястоўна. Раю ўсім!” – падсумаваў гітарыст NRM ды лідэр гуртоў Pete Paff і Гарадзкія Піт Паўлаў. 

Выдаўцы “Музычнай партызанкі” паабяцалі зрабіць вялікі наклад кружэлак з фільмам для бясплатнага распаўсюду, а таксама дазволіць вольнае спампоўваньне стужкі з інтэрнэту.

Адам Птушка, Прэс-служба моладзі БНФ

 

БНР

Батлейка* Пана Ськіргайлы

Галоўны герой, цар Ірад, які вельмі падобны да беларускага прэзыдэнта, мае надзейную ахову, якая сочыць за выкананьнем усіх ягоных “ачарадных” дэкрэтаў; бабка, якая прадае семкі без “пацэнту” і нецэнзурна “выражаецца ў абшчэсьцьвенных месцах”; чорт, анёлы і іншыя – усё гэта незвычайная сучасная інтэрпрэтацыя традыцыйнага народнага тэатральнага жанра батлейкі ў выкананьні Пана Скіргайлы.

Пэрсанажы сёлетняй пастаноўкі ўвасабляюць цяперашнюю ўладную сыстэму ў Беларусі з самага верху да нізоў. Батлейка ад самага пачатку да апошняга моманту прасякнута вострай сацыяльна-палітычнай сатырай і зьедлівым гумарам. Пан Скіргайла праз мову сваіх герояў удала, часамі і даволі жорстка, але ж справядліва, кпіць з “самага чэснага”, для каторага і “фізкультура - тожа культура”.

 “САТана ў БЕЛых тапачках, сакрашчонна – БелСат,” – гэтак Ірад адгукаецца на пачатак працы адзінага ў сьвеце цалкам беларускамоўнага тэлеканала.

Батлеечнік ня стаў адыходзіць ад клясычнага канону жанру: гісторыя сканчваецца на пазытыўнай ноце – за жорсткім і бесчалавечным царом Ірадам прыходзіць Сьмерць.

Нягледзячы на ўсе гэтыя чыньнікі, спэктакль вельмі ўпадабалі дзеткі, якія былі адмыслова запрошаныя на калядную імпрэзу. Напрыканцы, самыя маленькія атрымалі салодкія падарункі ад Сьвятога Мікалая, а таксама паласаваліся са святочнага стала.

Пан Скіргайла заклікаў усіх ахвотных далучыцца да арганізацыі батлеечных спэктакляў праз напісаньне сцэнараў альбо выраб ляляк і дэкарацыяў, бо калісьці гэты від тэатральнага майстэрства быў вельмі папулярны сярод простых людзей, якія стваралі свае ўласныя калядныя гісторыі паводле біблейскіх сюжэтаў. Яны прагнулі справядлівасьці і праўды, няхай і ўяўнай.

 

*  Батлейка (ад назвы горада Бэтлеем) – перасоўны народны лялечны тэатр у беларусаў, пастаноўкі якога адбываліся на сьвяткаваньне Калядаў.

 

Адзік Сьвербаў

БНР

Сусьветнае павуціньне пра "Нашу культуру"

БАЖ  Навіны.by  24news.ru  За Свабоду!

news.open.by  Белапан  Наша Ніва

P.S. Тэкст паўсюль амаль адзін і той жа ...

 

Jan. 6th, 2008

БНР

«Наша культура» №1

Пабачыў сьвет першы нумар газэты «Наша культура» - штотыднёвае выданьне культурніцкіх камісіяў ГА БНФ "Адраджэньне" й Моладзі БНФ.

Агляд апошніх імпрэзаў, што адбыліся ў сядзібе БНФ (пр. Машэрава, 8), развагі Сержука Сокалава-Воюша наконт "прыроды трасянкі" і ёйнага ўжываньня ў творчасьці беларускіх музыкаў, артыкул Вацлава Паспалітага да гадавіны з дня нараджэньня Сяргея Палуяна складаюць зьмест дэбютнага выпуску новай культурніцкай газэты.

«Наша культура» плянуе выдавацца раз на тыдзень. Галоўная тэма - фронтаўскае і каляфронтаўскае культурнае жыцьцё. Да выданьня газэты можа далучыцца кожны, для гэтага трэба ўсяго толькі своечасова дасылаць свае артыкулы на адрас naszakultura@gmail.com

Advertisement

Customize